У Гомелі афіцыйна прызналі, што горад не ў поўнай меры справіўся з наступствамі моцных снегападаў. Пра гэта сведчаць вынікі праверак санітарных службаў і публічныя каментары прадстаўнікоў адказных структур.
Чытайце таксама: Гомельшчына і Магілёўшчына — у лідарах па колькасці траўмаў праз галалёд
Паводле дадзеных Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, з 28 студзеня па 3 лютага 2026 года праверылі 314 тэрыторый. Належным чынам ачышчанымі аказаліся толькі 112 — гэта каля 36%. На астатніх 202 тэрыторыях зафіксавалі парушэнні: несвоечасовую прыборку снегу і адсутнасць супрацьгалалёдных мер.
Фактычна гаворка ідзе пра сістэмныя праблемы, якія назапашваліся гадамі.
Недахоп тэхнікі і рэсурсаў
Адна з асноўных прычын — недастатковая колькасць спецыяльнай тэхнікі. Гэтай зімой у Гомелі задзейнічалі каля 70 адзінак снегаўборачнай тэхнікі. Для горада з насельніцтвам у некалькі соцень тысяч чалавек гэта абмежаваны рэсурс, асабліва пры інтэнсіўных ападах.
Пры гэтым фінансаванне камунальнай сферы традыцыйна размяркоўваецца з улікам пастаянных выдаткаў на працягу года. Сезонныя нагрузкі, як паказала практыка, часта становяцца выпрабаваннем.
Праблемы не толькі ў Гомелі
Складанасці з прыборкай снегу назіраліся як у самім Гомелі, так і ў іншых гарадах вобласці. Раней BGmedia пісала пра сітуацыю ў Светлагорску, дзе жыхары скардзіліся на неачышчаныя двары і слізкія тратуары. Пры гэтым пасля масавых праверак у вобласці прадстаўніца Светлагорскага райвыканкама заявіла, што ў іх раёне «усё добра» з прыборкай снегу.

Праблема не абмінула і Рэчыцу. Жыхарка горада запісала эмацыйнае відэа ў TikTok і падзялілася з падпісчыкамі станам гарадскіх тратуараў. Па словах жанчыны, прайсці па вуліцах з каляскай немагчыма: снег і лёд літаральна блакуюць шлях, і праз гэта ёй давялося цягнуць трохмесячнае дзіця на руках.

Аналагічныя скаргі паступалі і з іншых населеных пунктаў Гомельшчыны. У асобных выпадках гаворка ішла пра недастатковую колькасць тэхнікі, у іншых — пра праблемы з арганізацыяй працы і кантролем за падраднымі арганізацыямі.
Як да прыборкі снегу прыцягвалі беспрацоўных
Варта адзначыць і тое, што ў самім Гомельскім раёне беспрацоўных актыўна прыцягвалі да прыборкі снегу. Так, Кармянская раённая газета паведаміла, што мясцовы РАУС прыцягнуў да грамадска карыснай працы людзей, якія нідзе не працуюць і знаходзяцца на розных відах уліку. У публікацыі адзначалася, што работы праводзіліся «ў мэтах прафілактыкі» і былі накіраваны на ліквідацыю наступстваў снегападаў каля сацыяльных і памятных аб’ектаў.

Падобныя дзеянні рабіліся і ў Кастрычніцкім раёне. Там міліцыя заявіла аб «прыняцці актыўных мер» па прыцягненню працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы і стаяць на ўліках, да навядзення парадку на аб’ектах сацыяльнага прызначэння. Раней паведамлялася, што аналагічныя працы праводзіліся і ў Буда-Кашалёва.
Чытайце таксама: У Касцюковічах «дармаедаў» прымусілі працаваць бясплатна пад дамамі сілавікоў
Чаму сітуацыя паўтараецца
У размове з BGmedia эксперты патлумачылі, чаму беларускія ўлады апынуліся негатовымі да кліматычных зменаў у краіне. Праблема носіць не столькі разавы, колькі структурны характар. Недахоп тэхнікі, зношанасць парку, кадравыя цяжкасці і абмежаваныя бюджэтныя магчымасці — усё гэта ўплывае на здольнасць аператыўна рэагаваць на кліматычныя выклікі.

Пры гэтым кліматычныя ўмовы апошніх гадоў робяць надвор’е менш прадказальным: пасля адлігі часта надыходзяць рэзкія пахаладанні, што прыводзіць да галалёду. Без своечасовай апрацоўкі пакрыццяў гэта стварае дадатковыя рызыкі для пешаходаў і кіроўцаў.
Ці будуць зроблены высновы
Прызнанне праблемы — толькі першы крок. Пакуль невядома, ці будуць унесены змены ў фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне камунальных службаў да наступнай зімы. Аднак ужо цяпер відавочна, што снегапады сталі чарговым выпрабаваннем, якое паказала межы існуючай сістэмы. І справа не толькі ў колькасці тэхнікі, але і ў арганізацыі працы, кантролі і гатоўнасці своечасова рэагаваць на складанае надвор’е.
На фоне гэтых падзеяў самі беларусы прадэманстравалі ўзаемную падтрымку падчас моцных снегападаў. З надыходам цыклону «Уілі» ўвечары 8 студзеня, калі грамадскі і іншы буйнагабарытны транспарт масава буксаваў, сыходзіў у занос або заставаўся ў снежнай пастцы, людзі пачалі выцягваць аўтобусы і тралейбусы з сумётаў. Карыстальнікі пісалі, што кіроўцы, якія працягвалі працаваць у складаных умовах, сталі сапраўднымі героямі зімы, а ўзаемадапамога — прыкладам салідарнасці перад стыхіяй.
Чытайце таксама: Без Stadler и без привычного удобства: как беларусы ощутили перемены на железной дороге
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: